ВІКТАР КАЗЬКО — Централизованная библиотечная сеть Калинковичского района

Казько Віктар Апанасавіч нарадзіўся ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям’і памочніка машыніста ў 1940 годзе. Дзень нараджэння па пашпарту 23.04. На самой жа справе зусім не 23 і зусім не 04. Проста 23.04. была медэкспертыза «по наружному виду», калі Віктар Апанасавіч (тады яшчэ падлетак) ужо больш года беспрытульнічаў.

Вайна абышлася з Віктарам Казько надзвычай жорстка. У 1944 годзе ад выбуху бомбы, якая трапіла ў хату, загінула маці; замерзла маленькая сястрычка. “Мне самому  тады было ўсяго тры гады, спалохаўся, вядома, уцёк. А сястра замерзла ў разбуранай хаце. І цяпер часта думаю, што неяк мог бы яе выратаваць, калі б таксама застаўся там”, — успамінае пісьменнік.

Хлапчук аказаўся прадстаўленым сам сабе, і неяк з натоўпам людзей, якіх немцы гналі ў Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер, апынуўся там. Як выжыў, не ведае і сам. Калі нашыя войскі вызвалялі вязняў, яго забрала бабуля.

Пасля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям’і бацькі, і падлеткам сышоў з дому. Гадаваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах. У 16 гадоў ён наогул пакінуў Беларусь, вучыўся ў Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме, потым працаваў электратэхнікам у шахце, забойшчыкам, геолагам у геолагаразведцы.

З 1962 года заняўся журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты “Комсомолец Кузбаса”. Тут на старонках перыядычнага друку з’явіліся яго першыя апавяданні. Працаваў ён і карэспандэнтам Кемераўскага абласнога радыё. Сібірскі перыяд будучага пісьменніка, паводле ўласнага прызнання, стаў пачаткам складанага псіхалагічнага працэсу, звязанага з актыўнай працай памяці, узгадваннем мінулага, свайго “я” у ім. “У Сібіры, удалечыні ад роданага дому, каваўся ланцужок памяці, які звязваў мяне з маім домам, звяно за звяном паўставала маё мінулае. Мінулае гэтае клікала ў дарогу да сябе самога. А можа быць, хто ведае, каб вярнуцца, трэба спачатку ўцячы, каб набыць што-небудзь, трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць тое, што меў,” — згадвае пісьменнік.

У 1970 годзе ён скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя М. Горкага.

Смутак па Радзіме робіць круты паварот у лёсе пісьменніка, і ў 1971 годзе ён вяртаецца ў Беларусь, пераязджае ў Мінск. Супрацоўнічаў у газетах “Чырвоная змена”, «Советская Белоруссия». Першая аповесць “Високосный год» была надрукавана на старонках «Нового мира» і адразу заўважана чытачамі. Потым у часопісе “Нёман” з’явілася аповесць “Цёмны лес – тайга густая”. Рэкамендуючы маладога празіка ў члены Саюза пісьменнікаў, Алесь Адамовіч спытаўся ў пачатку свайго выступлення: “Дзве аповесці – мала ці многа?”. І адказаў, за шмат каго прысутных: “У гэтым выпадку – зусім дастаткова, каб назваць іх аўтара таленавітым, самабытным пісьменнікам”.

У 1973 годзе В. Казько быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. З гэтага ж года па 1976 ён працуе ў часопісе “Нёман”. У 1977 годзе Віктар Апанасавіч атрымаў прэмію Ленінскага камсамола за аповесць «Здравствуй и прощай». А ў 1982 годзе яго аповесць “Суд у Слабадзе” узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа.

 У 1986-1988 гады В. Казько – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Многія яго творы экранізаваны, перакладзены на іншыя мовы. Фільм “Зорка Венера”, зняты па сцэнарыю В. Казько, дзіцячае журы кінафестывалю “Лістапад-2000” прызналаТворчасць В. Казько мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці («Суд у Слабадзе»). Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцяў пісьменніка. Яны абумовілі розныя планы апавядання — ваеннае мінулае, жорсткія траўмы, якія былі нанесены дзіцячай душы, цяжкае станаўленне юнака, імкненне пераадолець невыносны цяжар страшэнных успамінаў. Значную ўвагу В. Казько ўдзяляе экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў. Гібель прыроды, варварскія адносіны да яе знішчаюць нешта чалавечае ў самім чалавеку («Цвіце на Палессі груша», «Неруш»).

Памяць пра ваеннае дзяцінства стала асноватворнай у яго творчым пошуку. Паслядоўнасць, настойлівасць, з якой ён звяртаўся да гэтай тэмы, надзвычайная эмацыянальнасць, выключная пранізлівасць інтанацыі абумовілі адметнасць празаіка.

Аповесці  “Высакосны год”, “Аповесць аб беспрытульным каханні”, “Суд у Слабадзе” (1978; зняты фільм “Сведка”, 1986) маюць аўтабіяграфічна-дакументальную  аснову, паказваюць вайну, убачаную вачыма дзіцяці, знявечанае маленства. Герой аповесці “Суд у Слабадзе” Колька Лецечка – гэта сам В. Казько, а таксама яго таварыш па няшчасці Васіль Дзятлаў. З сібірскімі ўраджаннямі аўтара звязаны творы “Цёмны лес – тайга густая”, «Здравствуй и прощай».

У наступных творах В. Казько паглыбляецца ў даследванне стасункаў чалавека і прыроды. Пісьменнік знаходзіць у Беларусі куток, дзе прырода асабліва шчодрая на фарбы і хараство — Палессе.

У аповесці “Цвіце на Палессі груша” (1978) чалавек, прырода і быццё знаходзяцца яшчэ ў суладдзі. Тут пераважаюць яркія зоркавыя вобразы, што падаюцца праз бачанне нямога Яўгена Ярыгі. У рамане “Неруш” (1981) празаік адлюстраваў тыя жахлівыя пераўтварэнні прыроды, што адбыліся пасля правядзення меліярацыі, якія В. Казько ўбачыў на свае вочы, калі праехаў  па “новым” Палессі. Пачынаўся твор як кінафільм, што атрымаў назву “Паводка” (зняты рэжысёрам В. Чацверыковым). Але вялікая колькасць праўды, якая засталася за кадрам, прымусіла В. Казько сесці за раман, бо гэта дазваляла сказаць больш, сказаць, што адбылося не толькі знішчэнне прыроды, а і беларуса, беларускасці. “Празаік – адзін з тых, хто з ліку першых зафіксаваў у нашай літаратуры жахлівы працэс абмялення, “меліярацыі” чалавечай душы, калі чалавек перастае быць чалавекам, а беларус беларусам,” – зазначае крытык М. Тычына.

“Прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць,” — такая думка выспявае ў свядомасці цэнтральнага персанажа Мацвея Роўды. Княжбор, які здаваўся раем зямным, можа абярнуцца і пеклам, калі антаганізм паміж чалавекам і прыродай  пераўзыдзе пакладзеныя яму межы. Так і здараецца ў творы, калі ў выніку варварскай меліярацыі вёску знішчае паводка.

Наступны буйны твор майстра – “Хроніка дзетдомаўскага саду” (1987) – сведчыць пра далейшую інтэлектуалізацыю прозы В. Казько, асваенне ім формы філасофскага рамана. У “Хроніцы…” спалучыліся дзве тэмы – абяздоленага дзяцінства і стасункаў чалавека і прыроды, дадалася і трэцяя – чалавек у кантэксце гісторыі. Гістарычны абсяг надзвычай шырокі: рэвалюцыя і грамадзянская вайна, пасляваенная разруха і нішчымніца, нарэшце, 1980-я гады, але рэтраспектыўны план твора паглыбляецца ў больш аддалёную мінуўшчыну – легендарную і міфалагічную (вобраз зубра Сноўдалы).

 Сурова праўдзівай, бязлітаснай і жорсткай з’яўляецца аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1991) – балючы і горкі рэквіем пагубленаму Палессю, яго народу, які аказаўся заложнікам “мірнага” атама. Гэта пратэст супраць таго, што зрабіла дзяржава, улада з чалавекам. Разам з тым гэта і пратэст супраць народнай цярплівасці, зацюканасці, аморфнасці, супраць фізічнага і духоўнага вымірання чалавека.

У 90-я гады сацыяльная праблематыка пачала асабліва ўздымацца ў творах празаіка. Майстар надзвычай востра і бурна рэагуе на грамадскія падзеі, праявы сённяшняга дня амаль цалкам адбіраюць у В. Казько магчымасць вярнуцца да матыву гарманічнага, неспакушанага Сусвету. Кожным сваім новым творам пісьменнік фіксуе іншую ступень глыбокага крызісу грамадства. Метамарфозы традыцыйнай цывілізацыі, пабудаванай на хрысціянскай, гуманістычнай ідэі, становяцца кантрапунктам яго пошукаў і пакут. У аповесці “Прахожы” па-мастацку даследуецца ідэя фаталізму. Ці ўсё прадвызначана на Зямлі? Якую ролю іграе выпадковасць? У аповесці “Да сустрэчы…” гучыць ужо адкрытая безнадзейнасць і нават роспач. Смерць Майстра, галоўнага героя  твора, падкрэслівае, што адыходзіць эпоха, а надыходзіць нешта маларазумелае, нялюдскае. В. Казько гэта бачыць і гаворыць пра небяспеку ў сваіх творах, у публіцыстычных выступленн

Раман В. Казько “Бунт незапатрабаванага праху” (2000) з’яўляецца адным з найскладанейшых і адметных твораў у сучаснай літаратуры. Яго параўноваюць з сусветна вядомым раманам Г. Маркеса “Сто гадоў адзіноцтва”.  Казько  лічыць, што сэнс чалавечага жыцця заключаецца ў тым, каб адкрыць сваё сэрца жыццю, падзяліцца тым, што сам некалі атрымаў  у падарунак. І любое супраціўленне, адмаўленне асноў быцця шкодзіць перш-наперш самому чалавеку. Услед за аўтарам хочацца верыць, што за часам цемры заўсёды ідзе час вялікага святла: “Была вербная нядзеля, а праз тыдзень – Вялікдзень – дзень найвышэйшага узлёту чалавечага духу”.

Проза пісьменніка чытаецца нялёгка, патрабуе кандэнсацыі думкі, энергіі, страсці, змагаецца супраць азвярэння на нашай зямлі, прымушае разважаць, чаму мы прыходзім на гэты свет, што шукаем, што знаходзім, з чым сыходзім адсюль.

Узнагароды

1977 — Прэмія Ленінскага камсамола (за кнігу «Добры дзень і бывай»)

1982 — Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за аповесць «Суд у слабадзе»)

2009 — Прэмія «Гліняны Вялес» (за кнігу прозы «Бунт незапатрабаванага праху»)

2009 — Прэмія «Залаты апостраф»

2015 — Прэмія Ежы Гедройца за кнігу «Час збіраць косці»

Творчая спадчына

1972 — «Высакосны год»

1973 — «Цёмны лес — тайга густая»

1974 — «Дзень добры і бывай»

1978 — «Суд у Слабадзе»

1978 — «Цвіце на Палессі груша», «Неруш»

1987 — «Хроніка дзетдомаўскага саду»

1990 — «Но пасаран»

1991 — «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел»

2009 — «Бунт незапатрабаванага праху»

2014 — «Час збіраць косці»

Выданні

 Бунт незапатрабаванага праху

Віктар Казько свядома выбірае сваім героем адчужанага чалавека, які жыве ў варожым свеце, мяцежную, узрушаную страсцямі асобу, душа якой разрываецца на часткі ад супярэчнасцей, якія перапаўняюць яе. I ён, здаецца, знаходзіцца куды бліжэй да ісціны ў разуменні сучаснай чалавечай сітуацыі, у якой мы ўсе апынуліся па сваёй і не па сваёй волі і віне. На мяжы тысячагоддзяў «парвалася сувязь часоў», чалавек і чалавецтва трапіла ў пастку сваіх жа утопій.

 Суд у Слабадзе

«Суд у Слабадзе» – аповесць Віктара Казько, прысвечаная тэме апаленага вайной жыцця не толькі дарослых, але і дзяцей, у якіх аднялі маленства. У аснове твора ляжаць сапраўдныя падзеі.

Галоўны герой – сялянскі хлопец Лецечка з трагічнай доляй. Бацькі яго загінулі ад рук фашыстаў, а ён трапіў у канцлагер, дзе ў дзяцей бралі кроў для раненых фашысцкіх салдатаў і афіцэраў.

  Выратуй і памілуй нас, чорны бусел

У цэнтры кнігі Віктара Казько трагедыя XX стагоддзя – чарнобыльская аварыя. У аповесці «Но Пасаран» з уласцівай яму шчырасцю, метафарычнасцю раскрывае празаік прычыны, якія прывялі грамадства да развалу. Пісьменнік стварае яркія, запамінальныя тыпы нашых сучаснікаў.

  Неруш

У кнізе расказваецца аб сучаснай вёсцы, аб складаных праблемах, звязаных з асушэннем палескіх балот. Твор прасякнуты трывогай за прыроду, якой часам чалавек у паспешлівасці і неашчаднасці наносіць вялізныя страты.

  “Хроніка дзетдомаўскага саду»

“Хроніка дзетдомаўскага саду» —  шматпланавы твор Віктара Казько. У ім апавядаецца аб трагічнай долі беларускіх дзяцей, на неакрэплыя плечы якіх абрынулася ваеннае ліхалецце. Дзеянне рамана завяршаецца ў нашыя дні.

  «Час збіраць косці»

 У кнігу Віктара Казько ўвайшлі тры аповесці — «Час збіраць косці», «Прахожы», «I нікога, хто ўбачыць мой страх». Як і большасць апошніх твораў пісьменніка, аповесці закранаюць сур’езныя сацыяльныя праблемы нашага часу і прасякнуты філасофскімі матывамі.

Неардынарны талент

Вопыт ваеннага дзяцінства стаў асноватворным у творчым пошуку Віктара Казько. Паслядоўнасць і настойлівасць, з якой ён звяртаўся да тэмы ваеннага дзяцінства, надзвычайная эмацыянальнасць яго твораў, выключная пранізлівасць і «выбуховасць» інтанацыі абумовілі адметнасць празаіка ў кантэксце творчасці іншых прадстаўнікоў генерацыі пісьменнікаў так званага «сярэдняга пакалення», або «шасцідзесятнікаў».

Адметна і тая вастрыня, з якой В. Казько ставіць заблытаныя этычныя пытанні, і той спосаб вырашэння іх, які ў шэрагу твораў набывае кампазіцыйную і канцэптуальную форму маральнага суда. Як правіла, аўтар пазбягае паспешлівых і катэгарычных адказаў, галасы ўдзельнікаў «суда» гучаць згодна з прынцыпам поліфаніі, што робіць творы В. Казько аб’ектам ажыўленых дыскусій і спрэчак у бягучай крытыцы.

«Сібірскі» перыяд жыцця будучага пісьменніка, паводле яго ўласнага прызнання, стаў пачаткам складанага псіхалагічнага працэсу, звязанага з актыўнай працай памяці, — узгадваннем мінулага, пошуку свайго «я» ў ім. «У Сібіры, у далечыні ад роднага дому, каваўся ланцужок памяці, які звязваў мяне з маім домам, звяно за звяном паўставала мінулае. Мінулае гэта клікала ў дарогу да сябе самога. А можа быць, хто ведае, каб вярнуцца, трэба спачатку ўцячы, каб набыць што-небудзь, трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць тое, што меў». Гэтае пранікненне ў нетры ўласнай памяці, яе патаемныя сховы, спроба праз уласны ўспамін рэстаўраваць былое ў нечым тоесныя псіхалагічнаму экзерсісу, выкананаму Марселем Прустам у суб’ектыунай эпапеі «У пошуках згубленага часу». Як і французскі майстар, В. Казько перажыў той момант, калі вектар пісьменніцкай увагі накіраваўся ў былое, да вытокаў дзіцячай памяці.

У наступных творах Віктара Казько тэма ваеннага дзяцінства ўжо не будзе дамінаваць — пісьменнік паглыбіцца ў даследаванне ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды, чалавека і гісторыі. Але калі пазначыць наступны перыяд творчасці В. Казько ўмоўным словам «экалагічны», дык трэба давесці і логіку такой трансфармацыі.

Усе тры, звязаныя з ваенным дзяцінствам, аповесці В. Казько прасякнуты настальгіяй па гарманічным, не азмрочаным вайной свеце. Персанажы Казько з цяжкасцю адаптуюцца да пасляваеннай рэчаіснасці; герою апошняй аповесці, Лецечку, такая адаптацыя становіцца не пад сілў. Яму мроіцца інакшы свет — ідылічны, дзе чалавек напоўніцу адчувае сваю знітаванасць з прыродай, які кампенсаваў бы непапраўныя маральныя страты, нанесеныя дзіцячай душы.

Пісьменнік знаходзіць у Беларусі куточак, дзе прырода асабліва шчодрая на фарбы і хараство, — Палессе. Так, прынамсі, уяўляўся яму гэты рэгіён напрыканцы сямідзесятых, калі ён пасяліўся ў сялянскай хаце ў адной з вёсак Гомельскага Палесся, месяцамі жыў у ёй, назіраючы прыродны колазварот, побыт і норавы палешукоў. 3 гэтых назіранняў, адзначаных пэўным адценнем ідылічнасці, нарадзіўся першы з «экалагічных» твораў празаіка — аповесць «Цвіце на Палессі груша» (1978). Вызначэнне «экалагічныя» варта ўжываць умоўна, бо тэма ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды разглядаецца празаікам найбольш у агульнаэстэтычным, маральным і філасофскім ракурсе; чыста экалагічныя праблемы ўваходзяць у поле ўвагі аўтара, але не займаюць у ім цэнтральнае месца.

Сярод твораў В. Казько няма рамана, які цалкам адпавядаў бы жанравым канонам антыутопіі. Але можна сцвярджаць пра ўзмацненне апакаліптычных і антыутапічных тэндэнцый, гэтаксама як і пра інтэлектуалізацыю яго прозы, набліжэнне да яшчэ аднаго сучаснага раманнага жанру — філасофскага рамана. Пра гэта сведчыць наступны буйны твор пісьменніка — «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1986). Твор гэты, як і ў свой час «Суд у Слабадзе», наноў падсумаваў творчы досвед пісьменніка, прычым у ім злучыліся не толькі дзве ўлюбёныя празаікам тэмы — абяздоленага дзяцінства і стасункаў чалавека і прыроды, але дадалася і новая — чалавек у кантэксце гісторыі. Гістарычны абсяг, ахоплены позіркам празаіка, аказаўся значна шырэйшым за жыццёвы шлях герояў, чые лёсы прасочвае В. Казько. Таму раманны час, сканцэнтраваны вакол падзей XX ст. (рэвалюцыя і грамадзянская вайна, час калектывізацыі і рэпрэсій, другая сусветная вайна, пасляваенная разруха і нішчымніца, нарэшце, васьмідзесятыя гады), але рэтраспектыўны план твора сягае ў больш аддаленую мінуўшчыну, не толькі гістарычную, але і легендарную, міфалагічную.

Аповесць «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» тэматычна прымыкае да шэрага твораў празаіка, угрунтаваных на палескім матэрыяле. Хаця час дзеяння твора — пасля Чарнобыля, аповесць не выглядае спробай маштабнага мастакоўскага спасціжэння агульнабеларускай трагедыі. Аўтар проста не ставіў такой звышзадачы, хаця «знакі бяды», згубны подых нябачнай радыяцыйнай смерці абумоўліваюць асаблівую атмасферу аповесці, надзвычай гнятлівую, на мяжы з безнадзейнасцю.

Творы В. Казько апошніх год дадаюцца да творчага досведу празаіка відавочным плёнам і абумоўліваюць новы канцэптуальны пласт яго прозы — вострасацыяльны, звязаны з актуаліямі канца XX ст. Агульны вектар творчасці В. Казько праглядаецца ў кантэксце беларускай прозы як рух або тэндэнцыя да стварэння рамана новага кшталту, у якім наспявае пераход сінкрэтызму ў сінтэтызм, аналітыкі і дыдактыкі ў канцэптуальнасць і філасафічнасць.

Фотастаронка

 

 

 

Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.