Фальклорнае свята для жыхароў горада і раёна «Каляду сустракаем — весела гуляем!» — Детский центр культуры «Росток» г.Молодечно
12 студзення дзверы дзіцячага цэнтра культуры “Расток” гасцінна расчыніліся для ўсіх жадаючых даведацца пра цікавыя традыцыі святкавання Каляд на Беларусі. У зале, абсталяванай як вясковая хата,адбылося фальклорнае свята для жыхароў горада і раёна “Каляду сустракаем – весела гуляем!”, на якое сабралася больш за 80 гледачоў.


Сустракала ўсіх Гаспадыня са сваімі сяброўкамі. Калядная сустрэча распачалася з гаворкі аб традыцыях святочнай вячэры, якая пачынаецца тады, калі на небе запальваецца першая зорка. Да гаспадыні завіталі калядоўшчыкі – спачатку дзеці, а затым і дарослыя.

Кожны гурт прыходзіў з сімвалам сонца – Каляднай зоркай.

Калядоўшчыкі былі пераапрануты ў традыцыйныя маскі: Мядзведзя – сімвала здароўя і сілы, Пеўніка – сімвала весялосці і радасці, Казы – сімвала багацця і дабрабыту.

Песнямі, гульнямі, танцамі яны павесялілі ўсіх прысутных, самым актыўным удзельнікам гульняў падаравалі салодкія сувеніры.

У Калядны вечар не абышлося без варожбаў. Цыганка прапанавала гаспадыні, а потым і гледачам даведацца пра лёс і жыццё. З задавальненнем варажылі не толькі дарослыя, але і дзеці. Гаспадыня шчодра частавала калядоўшчыкаў і дзякавала за добрыя пажаданні.

На заканчэнні свята Гаспадыня пачаставала ўсіх прысутных традыцыйнымі стравамі Каляднай вячэры – куццёй, поліўкай і дранікамі.

На працягу святочнага вечара ў зале панаваў добры настрой, рабілі фотаздымкі на памяць ў вясковым інтэр’еры.
Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.