Я НЕ ПРАДАМ БАЦЬКОЎСКІ ДОМ
Подробности Категория: Вершы аб родным крае
Я НЕ ПРАДАМ БАЦЬКОЎСКІ ДОМ
Мой дом не апусцеў.
У ім
Зіняць –
па радыё –
куранты.
На дроце –
тоўстым і тугім –
Пялёнкі сушаць кватаранты.
Квітнее ліпа пад акном,
Шапоча яблыня ля тыну.
Грыміць ля студні дзед вядром:
-Ты дом прадай –
купі машыну!
Кручу ў адказ я галавой.
Я не прывык жыць у раскошы –
І не змагу дом родны свой
Прадаць ні за якія грошы.
Я не прадам нікому дом,
Дзе ўслон быў часткай інтэр’ера.
Дзе над абедзенным сталом
Вісела «Тайная вячэра».
Я ў гэтым доме вырастаў
І без яго нагадваць буду,
Калі б сюды ні завітаў,
Бяздомка брыдкага, прыблуду.
Квітнее ліпа пад акном,
Шапоча яблыня ля тыну…
І мне прадаць бацькоўскі дом,
Нібы прадаць сваю Айчыну.
Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.