Музейны вечар у Галерэі мастацтваў | БЕРЁЗОВСКИЙ ИСТОРИКО-КРАЕВЕДЧЕСКИЙ МУЗЕЙ

Чарговы музейны вечар з цыклу музейных культурна-асветных вечароў, прымеркаваных да 540-годдзя г. Бярозы, «Горад у панараме стагоддзяў»,  адбыўся 26.04.2017г. На гэты раз гасцей сустракаў філіял музея “Галерэя мастацтваў”. Вечар знаўцаў народных традыцый “Абярэгі бярозаўскай зямлі як сімвал шчасця, багацця і дабрабыту”, а менавіта такую назву ён меў, сабраў немала гасцей. Сустракала ўсіх гаспадыня сялянскай хаты, якая расказвала пра рэчы, якія, па ўсведамленню нашых продкаў, маюць чароўную сілу. Такія рэчы называлі абярэгі. Госці пазнаёміліся з саламяным павучком, ручнікамі, верацяном, венікам і іншымі чароўнымі рэчамі сялянскай хаты. Акрамя таго, наведвальнікі вечара змаглі ўвачавідкі пазнаёміцца з традыцыямі вырабу шчэпавай птушкі шчасця праз майстар – клас, які пагадзіўся правесці  майстар – метадыст Бярозаўскага Цэнтра рамёстваў Аляксандр Лаўрыновіч. Якім чынам завязвалі нашыя продкі чыста жаночы атрыбут адзення – намітку, якая такмсама з’яўлялася абярэгам ад дурнога вока, ад сурокаў, прадэманстравала гасцям вечара дырэктар Бярозаўскага Цэнтра рамёстваў Наталля Іванаўна Кавалевіч. Дарэчы, наміткі ў нашай краіне могуць завязваць толькі лічаныя людзі! Таксама гасцям было прапанавана паспрабаваць самастойна зрабіць абрадавую ляльку – абярэг. З гэтым дапамагла Філюта Таццяна Васільеўна, кіраўнік гуртка мастацкай аплікацыі Дзіцяча – юнацкага спартыўна – эстэтычнага цэнтра. А завяршыўся вечар, як сапраўдныя вячоркі, частваннем бабулінымі блінцамі і старадаўнімі танцамі на пацеху.

Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.