ЛИТЕРАТУРНАЯ КАРТА КАЛИНКОВИЧЕЙ — Централизованная библиотечная сеть Калинковичского района

Мендаль Ліфшыц
Ліфшыц Мендаль Нохімавіч нарадзіўся ў беднай сям’і 14 студзеня 1907 г. ў Нястанавічах, якія размяшчаліся непадалёк ад Азарыч. Быў адным з шасцярых дзяцей.
Яго бацька Нохем-Мотл Ліфшыц служыў прыказчыкам на прыстані на рацэ Прыпяць, а маці Малка Ліфшыц (1870-1939) была хатняй гаспадыняй.
Мендаль рана застаўся сіратой. Да 13 гадоў жыў і выхоўваўся ў Азарычах, затым — у дзіцячым доме ў Мінску.
З 17 гадоў вучыўся ў прафтэхвучылішчы металістаў і на рабфаку. Дэбю-таваў вершамі ў газеце «Юнгер арбетер» (Малады рабочы ). Пазней уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне пры гэтай газеце.
Мендаль вучыўся на яўрэйскім аддзяленні філалагічнага факультэта ў Мінскім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1930 годзе. Займаўся перакладамі, пісаў эпіграмы.
З 1934 года Мендаль Ліўшыц член Саюза пісьменнікаў СССР. Ён аўтар зборнікаў вершаў «Мае і вашы песні» (1931), «Выбраныя вершы» (1938), «З усімі разам» (1939), «У сябе дома» (1967), «Дождж і сонца» (1981).
Яму таксама належыць аўтабіяграфічная паэма «Песня пра Барсаў» (1962).
Жонка Мендаля Ліфшыца з двума дзецьмі былі растраляны летам 1941 года гітлераўцамі ў Беразіно. Яго старэйшы брат — радавы Абрам Ліфшыц — памёр ад ран у 1943 годзе на фронце.
Пасля вайны Мендаль Ліфшыц жыў у Маскве. Там, у 1947 годзе, выйшаў яго першы пасляваенны зборнік «Ібера тойзнтер верстн» ( За тысячы вёрст ).
Пасля забароны яўрэйскіх публікацый у СССР у наступным годзе магчымасці друкавацца больш не меў.
Аднавіў публікацыі ў 1967 годзе з выхадам зборніка «Ба зих ін дэр хайм» («У сябе дома»), за якім рушылі ўслед «А зун ун а рейгн» ( «Сонца і дождж», 1981) і некалькі зборнікаў у перакладах на рускую мову («З крыніцы», «На дне неба», «Песня пра Барсаў», «Я слухаю лес»).
Яго сын ад другога шлюбу (з Цыляй Ляткер, 1946) — літаратар, пушкініст Уладзімір Мендзелевіч Ліфшыц (род. 1947) – вядомы пад літаратурным псеўданімам Уладзімір Владмелі, аўтар кніг «Приметы и религия в жизни А. С. Пушкина» (2003), «11 сентября и другие рассказы» (2007).
Памёр і пахаваны Мендаль Ліфшыц у Маскве ў 1983 г.

Зяма Цялесін
Цялесін Зяма (Залман Зіновій Львовіч) нарадзіўся ў 1907 г. ў мястэчку Калінкавічы ў шматдзетнай сям’і рамесніка. Наведваў хедар. Затым працаваў з бацькам бляхарам, у дасканаласці авалодаў прафесіяй страхара.
У 1929 г. з’ехаў у Маскву, дзе паступіў на яўрэйскае аддзяленне літаратурнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. Бубнова, які скончыў у 1935 г.
Разам з жонкай, паэткай Рахілью Баумволь, выпускніцай таго ж аддзялення, быў накіраваны ў Мінск, дзе працаваў рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва і публікаваў свае вершы ў яўрэйскай прэсе.
У Мінску выйшлі ў свет першыя два паэтычныя зборнікі Цялесіна — «Ойф майн эйгенер эрд» («На роднай зямлі», 1939) і «Лідэр ун поэмен» («Вершы і паэмы», 1941).
У гады Другой сусветнай вайны Зяма Цялесін добраахвотна пайшоў на фронт радавым. Дэмабілізаваўся ў канцы 1945 г. ў званні капітана.
У пасляваенныя гады жыў у Маскве. Дзве яго вершаваныя кнігі былі выдадзены на ідыш — «Ойф дэр лихтигер велт» («У светлым свеце», М., 1957) і «Ойф майне ахраес» («На маю адказнасць», М., 1968).
У Маскве выйшлі таксама на рускай мове два зборнікі перакладаў яго вершаў — «Глыбокія карані» (1957) і «Блізка да сэрца» (1965), і ў «Детгизе» — пяць ілюстраваных дзіцячых кніг.
Першыя ж публікацыі Цялесіна паказалі, што ў літаратуру прыйшоў самабытны паэт, які выдатна валодае народнай мовай, што гучала ў доме яго бацькоў у Беларусі.
У лірыцы бачнае месца займалі краявіды Палесся, у бытавых замалёўках — звычаі і норавы людзей мястэчка. У паэзіі ён быў майстрам вобразнага, паэтычнага апісання працы; персанажы яго ранніх вершаў — каваль, цясляр, пячнік, швачка, шавец.
У 1971 г. Цялесін з жонкай рэпатрыяваліся ў Ізраіль.
У Ізраілі выйшлі яго вершаваныя зборнікі: «Гевейн фун зикорн» («Плач памяці», 1972), «Комец алеф — пра» (фраза, з якой пачыналася вывучэнне яўрэйскай азбукі, 1980), «Дэр вэг фунем фойгл» («Шлях птушкі», 1976), «Дос ниселе вос файфт» («Свісцячы арэшак», 1992), што сведчыла аб новым творчым уздыме паэта.
Захаваўшы ўласцівыя яму элементы народнай паэзіі (прастату і яснасць думкі, афарыстычнасць, сардэчнасць, тонкі гумар), Цялесін узбагаціў сваю паэтычную мову гучнымі рыфмуючыміся спалучэннямі славянізмаў і яўрэізмаў.
Некаторыя яго ізраільскія вершы пакладзены на музыку і гучаць на канцэртах і па радыё.
Цялесін — лаўрэат самай прэстыжнай у літаратуры на ідыш прэміі імя І. Мангера (1990), узнагароджаны таксама прэміяй Саюза яўрэйскіх пісьменнікаў і журналістаў (1979), прэміяй «Кдошей Люблін» (1972) і інш.

Змітро Віталін
Сергіевіч Дзмітрый Рыгоравіч нарадзіўся 8 жніўня 1912 г. ў в. Сухое Пінскага павета Мінскай губерні. З 1915 года знаходзіўся з бацькамі ў эвакуацыі ў Бранску. Летам 1919 года вярнуліся ў Беларусь, пасяліліся ў Калінкавічах. Скончыў Калінкавіцкую васьмігодку (1928). З 1929 года ў Мінску. Набыў спецыяльнасць электраманцёра і працаваў у Радыёцэнтры БССР радыёманцёрам, потым карэспандэнтам.
Друкавацца пачаў з 1930г. Сакратар часопіса «Шляхі калектывізацыі». З вясны 1932 г. адказны сакратар Крычаўскай раённай газеты. У верасні 1932 г. паступіў вучыцца на творчае аддзяленне МВПІ. Яго вершы, паводле С. Грахоўскага, хваліў Янка Купала.
23 лютага 1933 г. Змітро Віталін быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускай народнай Грамады». Асуджаны на ссылку 10 жніўня 1933 г. і сасланы ў Сіблаг, пад Томск.
Вярнуўся ў Калінкавічы ў канцы 1935 г. Адбыў вайсковую службу і ўладкаваўся працаваць на фанерную фабрыку ў Мазыры. Там жа стаў карэспандэнтам газеты «Бальшавік Палесся».
У вайну – на фронце. З канца 1943 г. – карэспандэнт дывізіённай газеты «Вперёд за Родину!». З чэрвеня 1945 г. — у рэдакцыі газеты «За честь Родины», якая дыслакавалася ў Вене.
У 1950 г. пераведзены ў адэскую акруговую газету «Защитник Родины».
У 1956 накіраваны ў Будапешт, дзе працаваў у рэдакцыі газеты групы войск «Ленинское знамя».
Дэмабілізаваны ў 1961 г. ў званні маёра. Вярнуўся ў Адэсу.
З 1961 на творчай рабоце. Працаваў у армейскім друку і жыў у Адэсе. Пісаў на рускай мове.
Пад уласным прозвішчам выдаў кнігі на ваенную тэматыку «На голубом Дунае» (Адэса, 1955), «Первый бой» (Адэса, 1957), «Мы служим Родине» (Масква, 1962), «Приветствие из юности» (Адэса, 1964), «Начало легенды» (Масква, 1966), «Тревожная осень» (Адэса, 1966), «Десять дней отдыха» (Масква, 1967), «Высокий остров» (Адэса, 1969), «Маршевая рота» (Адэса, 1971), «Товарищи огненных лет» (Масква, 1972), «Гроза на рассвете» (Адэса, 1973), «Сосны среди поля» (Адэса, 1975), «Хорошие приметы» (Адэса, 1978), «Нет последних рубежей» (Адэса, 1982), «Личная война» (Кіеў, 1983).
Памёр і пахаваны ў Адэсе 4 лістапада 2004 г.

Усевалад Краўчанка
Краўчанка Усевалад Ігнатавіч нарадзіўся 14 кастрычніка 1915 года ў вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёна ў сям’і настаўніка.
Пасля заканчэння рабфака ў Мазыры ў 1933 г. да 1941 г. працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Калгаснік Мазыршчыны» (пазней рэарганізаванай у абласную газету «Бальшавік Палесся»). Адначасова завочна вучыўся на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў два курсы).
У першы год вайны — супрацоўнік армейскай газеты «Боевое знамя». Потым на журналісцкай рабоце ў Саратаўскай вобласці, з мая 1943 г. — загадчык аддзела партызанскага жыцця ў газеце «Савецкая Беларусь». З 1945 г. — адказны сакратар часопіса «Полымя». З 1950 г. — адказны сакратар, у 1953—1961 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».
Член саюза пісьменнікаў з 1939 г.
Трагічна загінуў 27 жніўня 1961 г. ў Канах (Францыя).
Першае апавяданне надрукаваў у 1933 г. (часопіс «Чырвоная Беларусь»).
Аўтар зборнікаў аповесцей, апавяданняў «На крутым павароце» (1937), «Калгасныя навелы» (1940), «Зямля гудзе» (1945), «Станаўленне» (1947), «У імя Радзімы» (1948), «Жыта красуе» (1951), «Вясна на Палессі» (уключаны аднаактовыя п’есы, 1952), «Крыгаход» (1957), «Не поле перайсці» (1958), «Зорка Венера»(1960), «Над хвалямі Прыпяці» (выбранае, 1964), «Крыгалом» (1985). Выйшлі кнігі для дзяцей «Таямніца аднае вышкі» (1935). «Дзве сяброўкі» (1948, 1959), «Падарунак» (1950), «Тэорыя імавернасці» (1958), «Злачынства ля Зялёнай тоні» (1961), «Таямніца вугла альфа» (выбранае, 1973).
Выдаў зборнік аднаактовых п’ес «Апошняя варажба» (1960).
Пераклаў з рускай і ўкраінскай моў на беларускую «Бялее парус адзінокі» В. П. Катаева (1949), «Сцяганосцы» А. Ганчара (у сааўтарстве з І. Мележам, 1949), «Служу Радзіме» І.Кажадуба (1950), аповесць А.П.Гайдара «Цімур і яго каманда», апавяданне А. П.Чэхава «Ганна на шыі» і інш.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Якаў Качан
Качан Якаў Іосіфавіч нарадзіўся 17 верасня 1918 г. ў сялянскай сям’і ў в. Лампекі (у 1966 г. вёска ўлілася ў склад в. Даманавічы Калінкавіцкага раёна).
У 1933 г. паступіў у Мазырскае педвучылішча, але не закончыў яго, бо моцна захварэў. Вярнуўся дахаты, дзе пасля выздараўлення стаў працаваць загадчыкам Даманавіцкага клуба. Пісаў і адсылаў свае карэспандэнцыі ў розныя газеты. У хуткім абласная газета “Бальшавік Палесся” прапанавала яму пасаду літсупрацоўніка. Так Якаў Качан стаў журналістам. Звыш 60 гадоў свайго жыцця ён прысвяціў журналістыцы: працаваў уласным карэспандэнтам газет “Сталинская молодежь” (“Знамя юности”) па Палескай вобласці і “Звязда” па Баранавіцкай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў спецыяльным карэспандэнтам газеты “савецкая Беларусь”, рэдактарам падпольнай газеты “Молодой партизан” у Беластоцкай вобласці.
Пасля вайны – рэдактар газеты “Сталинская молодежь”, працаваў у газеце “Правда”; у рэдакцыях газет “Колхозная правда”, “Советская Белоруссия” – у якасці першага намесніка рэдактара.
З 1959 па 1972 гг. – галоўны рэдактар часопіса “Коммунист Белоруссии”, затым – галоўны рэдактар на радыё.
Удзельнічаў у складзе дэлегацыі БССР у рабоце XV, XIX і XXIV сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся членам ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак пашаны”, польскім “Партызанскім Крыжам”, шасцю Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, шматлікімі медалямі.
У 1967 г. Якаву Іосіфавіч прысвоена званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”.
Ён аўтар шматлікіх нарысаў пра партызанскі рух на Беларусі і кніг: “Теория, преобразующая мир” (1970), ”Радиовещание в капиталистических странах” (1979) і г.д.
У 2011 г. патрыярха беларускай журналістыкі не стала.
Сямён Ляльчук
Ляльчук Сямён Абрамавіч нарадзіўся 25 верасня 1918 года ў мястэчку Калінкавічы.
Скончыў школу ў 1935 г.
Пераехаў у Мінск, дзе паступіў на рабфак. Затым вучыўся на аддзяленні яўрэйскай мовы ў Мінскім педагагічным інстытуце.
Пасля атрымання дыплома ў 1939 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і накіраваны ў пяхотнае вучылішча горада Камышлова Свярдлоўскай вобласці.
У званні лейтэнанта быў прызначаны камандзірам узвода стралковага палка, які дыслацыраваўся ў Рызе.
Пісаць вершы пачаў у дзяцінстве, першыя публікацыі адбыліся ў піянерскіх і камсамольскіх выданнях Беларусі.
У 1938 годзе сур’ёзна заявіў пра сябе, як пра паэта, апублікаваў у часопісе «Штэрн» некалькі вершаў на ідыш.
Другая публікацыя адбылася ў газеце «Октябэр». Яшчэ 8 вершаў з’явіліся ў зборніку «Лидэр-замлунг» (1940).
Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Персанальнага паэтычнага зборніка, аб якім марыў паэт, ён выпусціць не паспеў. У першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны загінуў.
Многія яго творы сталі песнямі.
Пасля вайны вершы Сямёна Ляльчука публікаваліся ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967), «Ліра» (1985), «Скрыжалі памяці» (2005).
Леанід Камінскі
Камінскі Леанід Давідавіч нарадзіўся 27 красавіка 1931 г. ў г. Калінкавічы.
Скончыў Ленінградскі інжынерна-будаўнічы інстытут у 1954 г. і Маскоўскі паліграфічны інстытут у 1966г. Мастак-графік па спецыяльнасці. Дыпломная праца – кніжка гумарыстычных малюнкаў «Пра вялікіх і маленькіх».
Быў членам чатырох творчых саюзаў Санкт-Пецярбурга: пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, тэатральных дзеячоў.
Асноўны напрамак у творчасці для дзяцей – гумарыстычныя творы дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Жанры: апавяданні, казкі, вершы, малюнкі.
Займаўся калекцыянаваннем і публікацыяй школьнага гумарыстычнага фальклору, выступаў на эстрадзе і ў школах з гумарыстычнай праграмай.
З 1981 па 1992 гг. — выканаўца ролі Настаўніка смеху ў аўтарскім эстрадным прадстаўленні для дзяцей «Урок смеху» у Ленінградскім тэатры «Эксперымент».
З 1979г. працаваў рэдактарам-укладальнікам аддзела гумару ў часопісе «Вогнішча».
З 1966 г. — пастаянны аўтар часопіса «Вясёлыя карцінкі» (каля 100 публікацый).
Супрацоўнічаў з дзіцячымі часопісамі: «Іскрынка», «Мурзилка», «Міша», «Баламут», «Аўтобус», «Бураціна», «Кукумбер».
Адзін са стваральнікаў і галоўны мастак часопісаў «Баламут» і «Аўтобус».
На міжнародным фестывалі гумару «Залаты Астап» у 1998 годзе ў намінацыі «Гумар для дзяцей» узнагароджаны дыпломам і малой статуэткай «Залаты Астап».
Яго кнігі ”Веселый звонок”, “Урок смеха”, “Про котенка Яшу” і др. да гэтага часу перадаюцца з рук у рукі.
У 2005 г. настаўніка смеху, так звалі яго сябры і прэса, не стала.

Яўген Каршукоў
Каршукоў Яўген Іванавіч нарадзіўся 1 студзеня 1932г. ў вёсцы Давыдавічы Калінкавіцкага раёна ў сям’і настаўніка.
У 1956 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працаваў адказным сакратаром Акцябрскай раённай газеты «Чырвоны Кастрычнік» (1956—1958), загадчыкам аддзела Веткаўскай раённай газеты «Пад ленінскім сцягам» (1958—1959), рэдактарам шматтыражнай газеты панчошна-трыкатажнай фабрыкі «8 Сакавіка» ў Гомелі (1959), старшым рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1959—1971).
З 1971 г. — загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва».
З 1975 г. — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вожык».
З 1978 г. працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў БССР.
У 1980—1989 гг. — галоўны рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1989г. — кансультант Саюза пісьменнікаў БССР.
Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 г.
Першыя апавяданні і гумарэскі надрукаваў у 1955 г.
Аўтар кніг прозы «У дарогу» (1963), «Не без таго…» (1967), «Сустрэча» (1969), «Бывай, кампанія!» (1977), «Перад Новым годам» (1980), «Пісьмо жонцы» (1982), «І надыходзіць дзень» (1982). Выйшлі кнігі для дзяцей «Змоўшчыкі» (1975) і «Пасланне нашчадкам» (1987).
Пераклаў са славацкай мовы зборнікі апавяданняў «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), раман Р. Морыц «Выбух» (1984). Перакладае таксама з рускай, украінскай і польскай моў.

Віктар Казько
Казько Віктар Апанасавіч нарадзіўся 23 красавіка 1940 г. ў г. Калінкавічы ў сям’і рабочага.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ад выбуху бомбы загінула яго маці, замёрзла маленькая сястрычка. Пасля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям’і бацькі, падлеткам сышоў з дому. Выхоўваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі. Пасля сканчэння ў 1956 г. васьмі класаў, вучобу працягваў у Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме. Потым працаваў у шахце, у геолагаразведцы. Яго ўражанні пра гэты час рэалізаваліся ў аповесцях «Темный лес — тайга густая» (1973), «Здравствуй и прощай» (1974), напісаных на рускай мове.
3 1962 г. Казько звязаў свой лёс з журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці Таштагольскай гарадской газеты «Красная Шорня», літсупрацоўнікам абласной газеты «Комсомолец Кузбасса», карэспандэнтам абласнога радыё.
У 1970 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага.
Праз год пераехаў у Мінск. 3 1971 г. Віктар Казько літсупрацоўнік газет «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», у 1973—76 гг. — часопіса «Неман».
3 1976 г. на творчай рабоце. У 1985—88 гг. — сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. 3 1988 г. зноў на творчай рабоце.
Віктар Казько – адзін з вядучых беларускіх празаікаў сярэдняга пакалення.
У беларускім друку выступае з 1971 г.
Творчасць В.Казько мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці («Суд у Слабадзе»).
Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцяў пісьменніка. Яны абумовілі розныя планы апавядання — ваеннае мінулае, жорсткія траўмы, якія былі нанесены дзіцячай душы, цяжкае станаўленне юнака, імкненне пераадолець невыносны цяжар страшэнных успамінаў.
Значную ўвагу Віктар Апанасавіч ўдзяляе экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў. Гібель прыроды, варварскія адносіны да яе знішчаюць нешта чалавечае ў самім чалавеку («Цвіце на Палессі груша», «Неруш»).
Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў Віктара Казько 70—80-х гг. стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), у якім спалучаны найбольш значныя дасягненні пісьменніка ў распрацоўцы тэмы вайны і ўзаемадзеяння з прыродай.
Напісаў аповесці «Но пасаран» (1990), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991).
Яго творы экранізаваны на кінастудыі «Беларусьфільм» («Паводка», «Сад», «Судны дзень»), перакладаліся на многія мовы.
Жыве пісьменнік у Мінску. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі БССР.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Піша на беларускай і рускай мовах.

Сяргей Шаўчэнка
Шаўчэнка Сяргей Сямёнавіч нарадзіўся 3 лютага 1940 г. ў г. Калінкавічы ў сям’і рабочага электрастанцыі. З дзяцінства марыў стаць мараком, але калі прыйшла пара паступаць, рачны тэхнікум у Гомелі закрылі, прыйшлося паступаць у будаўнічы.
Працаваў рабочым, служыў у войску, закончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Інжынер-будаўнік працаваў у Калінкавічах спачатку брыгадзірам 18-й дыстанцыі пуці, галоўным інжынерам “Міжкалгасбуда”, у Мазыры – начальнікам вытворчага аддзела трэста “Мазырнафтахімбуд”, затым зноў у Калінкавічах намеснікам старшыні праўлення райспажыўсаюза па будаўніцтву, галоўным інжынерам і начальнікам ПМК аблспажыўсаюза.
І ўсе гэтыя гады, у вольны ад асноўнай работы час, Сяргей Сямёнавіч, як заўзяты аматар паэтычнага слова, працаваў над паэтычнымі радкамі, якія выліліся ў тры зборнікі паэзіі.
Літаральна ў апошнія два гады свет убачылі тры яго паэтычныя зборнікі: “Далеко до завтра и вчера”, “Парение” і “На кроснах восені”. Першыя два выйшлі на рускай мове, апошні – на беларускай.

Соф’я Шах
Шах Софья Мікалаеўна нарадзілася 29 ноября 1947г. ў в. Лясец Калінкавіцкага раёна.
Яе дзіцячыя і школьныя гады прайшлі ў г. п. Азарычы, дзе яна ў 1965-м скончыла сярэднюю школу.
З 1965 па 1969 гг. – студэнтка Мазырскага педінстытута (факультэт пачатковых класаў).
Пасля заканчэння інстытута працавала ў Гажынскай пачатковай школе Нараўлянскага раёна.
У 1973-м пераехала ў г.п.Азарычы і працавала ў Цідаўскай малакамплектнай школе, затым з 1977-га – у Азарыцкай дапаможнай школе-інтэрнаце.
У 1980 г. скончыла Мінскі педінстытут (дэфекталагічны факультэт) і пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Светлагорск, дзе працавала лагапедам у школе-інтэрнаце для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця.
Вершы пачала пісаць яшчэ ў школьным узросце, але пачаткам сваёй літаратурнай дзейнасці лічыць 1983 год, калі пазнаёмілася з Ізяславам Катляровым – рускім паэтам, сваім будучым мужам, які ўзначальваў літаб’яднанне пры Светлагорскай раённай газеце.
З 1990 г. – член Саюза пісьменнікаў СССР. Цяпер – член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Друкавалася ў часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Крыніца», «Дзеяслоў», «Алеся», «Першацвет», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа», «Бярозка», «Вясёлка», у альманаху «Дзень паэзіі», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», іншых рэспубліканскіх газетах.
Адна з аўтараў калектыўнага зборніка паэзіі «Маладыя галасы» (1985), аўтар вершаў «На скрыжаванні спеўных дзён» ў калектыўным зборніку «Лагодны промень раніцы» («Мастацкая літаратура», 1988).
У перакладах І. Катлярова на рускай мове яе вершы друкаваліся ў часопісах «Неман» (Мінск), «Форум» (Масква), «Новы часопіс» (Нью-Ёрк), у альманаху паэзіі «Поэтический Олимп» (Масква, 2003), у анталогіі беларускай паэзіі «Из века в век» (з серыі «Славянская поэзия XX-XXI», Масква, 2003).
Соф’я Шах — аўтар паэтычных кніг: «І не пакіне спадзяванне» (1989), «Пад высокай лагодай нябёс» (1995), «Наш двор» (1997), «Вучым гаварыць і думаць» (1998), «Ад імгнення – да стагоддзя» (1998), «Адухаўленне» (2000), «Прысвячэнне» (2001), «Займальная граматыка для пачатковых класаў» (2002), «Займальная граматыка для сярэдніх класаў» (2002), «Прызначэнне» (2002), «На ўсё дабро ў адказ» (2003), «Увасабленне» (2003), «Спасціжэнне» (2004), «Кругаспеў» (2006), «Азарычы» (2007), «Перазоў-Перезов» (2009), «Малітваспеў» (2010), «Кнігалюбка» (2012).
Уладзімір Лякін
Лякін Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся ў 1951 г. ў г.п. Хойнікі Гомельскай вобласці.
Праз пяць гадоў яго бацьку перавялі на новае месца працы ў Калінкавічы і сям’я пераехала на месцажыхарства ў наш горад, дзе Уладзімір у 1969 г. закончыў СШ № 1.
Хлапец выбраў для сябе вайсковую службу. Паступіў у ваенна-марское вучылішча, пасля заканчэння якога па 1992 г. служыў на караблях і ў берагавых часцях Ціхаакеанскага, Балтыйскага і Паўночнага флатоў. Звольніўся ў запас у званні капітана 2-га ранга.
Пасля звальнення з Ваенна-марскога Флота працаваў настаўнікам гісторыі ў адной са школ г.Калінкавічы, інспектарам Мазырскай мытні, навуковым супрацоўнікам Калінкавіцкага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея.
Захапіўся краязнаўствам, гісторыяй Калінкавіч і калінкавіцкай зямлі. Вынікам яго плённай працы ў гэтым накірунку стала стварэнне шэрагу кніг. Так, у 2006 г. ў выдавецтве Беларускага экзархата выйшла яго праца “Свет православия на калинковичской земле». У 2008 г. у Мазыры былі надрукаваны: «Фамилии калинового края” і «Калинковичский краеведческий музей», у 2010-м – «Калинковичи на перекрестке дорог и эпох», у 2016-м у Мінскім выдавецтве «Колорград» — «Калиновый край в именах и названиях».
Шмат часу Уладзімір Аляксандравіч аддаў вывучэнню падзей Айчыннай вайны 1812 г. на Беларускім Палессі. Вынікам яго даследаванняў з’явілася стварэнне кніг: “Мозырь в 1812 году” (Минск,2005), “Белорусские поля сражений 1812 года” (Мозырь, 2009), “Гроза двенадцатого года над Полесьем” (Минск, 2009), “Белорусские дороги Наполеона Бонопарта” (Мозырь, 2011).

Уладзімір Бельскі
Бельскі Уладзімір Пятровіч нарадзіўся 20 чэрвеня 1955 г. ў вёсцы Слабодка Калінкавіцкага раёна.
Працоўную дзейнасць пасля заканчэння Юравіцкай сярэдняй школы пачаў у 1972г. карэспандэнтам Калінкавіцкай раённай газеты “За камунізм”.
Закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Расійскую Акадэмію кіравання.
Да 1986 г. працаваў карэспандэнтам газеты «Савецкая Беларусь».
З 1986 па 1989 гг. – працаваў у апараце Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
З 1989 па 1991 гг. – намеснік галоўнага рэдактара газеты «Знамя юности».
У 1991 г. прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Чырвоная змена», дзе працаваў на працягу наступных пяці гадоў.
Працаваў старшынёй Дзяржаўнага камітэта па друку (1996—1997).
У 1997 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Чэшскай Рэспубліцы.
У 2000-х гадах працаваў галоўным рэдактарам газеты «Семья».
Віталь Кулік
Кулік Віталь Яфімавіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў вёсцы Рудзенька Калінкавіцкага раёна. У 1979 годзе скончыў Гарочыцкую школу. У 1980-1982 гадах — тэрміновая служба ў радах Савецкай Арміі. У 1987 годзе скончыў Калінінградскае ваеннае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча. Пасля расфарміравання вайсковай часткі ў 1994 годзе працаваў у Калінкавіцкім раённым аддзеле культуры. У цяперашні час з’яўляецца загадчыкам Гарочыцкім сельскім клубам.
У 2013 годзе Віталь Кулік прызнаны пераможцам літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага за кнігу «Ведзьма палеская».





Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.