Юбілей Соф’і Шах | Централизованная библиотечная сеть Калинковичского района

30 лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося пасяджэнне паэтычнага клуба «Бумеранг». Чарговае мерапрыемства «У свет вышынны, шматгалосны» было прысвечана 70-годдзю беларускай паэткі Соф’і Шах.
Соф’я Мікалаеўна Шах — пакуль што адзіная жанчына-паэтка з нашай Калінкавіцкай зямлі, якая стала членам Саюза пісьменнікаў.
Літаратурнай працай займаецца з 1983 года. Соф’я Шах найбольш вядома як аўтар вянка санетаў, хоць гэта і даволі забыты жанр літаратуры. Соф’я Мікалаеўна яго адраджае і надае яму гучанне на роднай мове са ўсёй узнёсласцю і натхненнем.
Соф’я Шах — пастаянны аўтар на старонках розных беларускіх газет і часопісаў.
Неаднаразова паэтка наведвала і нашу бібліятэку, дзе прэзентавала свае зборнікі «Кругаспеў» і «Азарычы». «Азарычы» — гэта сёмы вянок вянкоў санетаў. Яго Соф’я Шах прысвяціла сваёй малой радзіме. Усім сваім творчым імкненнем паэтка сцвярджае вернасць дарагім мясцінам:
Азарычы мае вы снежназімныя,
задзьмутыя напругаю вятруг,
запуржаныя шалам завірух
пад іх жа свісты-высвісты стыхійныя…
Азарычы мае вы галубіныя,
снягамі чыста беленыя ўкруг
пад шатамі — між новых крон-рыпух
на тым улонні, дзе палі былінныя…
Ну як вы там, паміж пары сцюдзёнае,
на ўсе ільды-ільдзіначкі замкнёнае?
Як вашы вулкі, хаты і дамы?…
На пасяджэнні члены клуба глыбей пазнаёміліся з творчасцю паэткі, пранікліся яе вершамі, звярнулі сваю ўвагу да санетаў. Напрыканцы ўсе згадзіліся, што напісаць санет — гэта, сапраўды, не так і лёгка. Для гэтага патрэбна мець нейкі асаблівы талент. А чалавек, які мае гэты талент, патрэбен заявіць пра сябе. Жыццё і творчасць Соф’і Шах — пацвярджэнне таму.


Comments are closed, but trackbacks and pingbacks are open.